«У найбліжэйшай пэрспэктыве чакаецца замена часткі дыпляматаў на больш ляяльных і кіраваных асобаў. Гэта падкрэсьлівае: для Лукашэнкі МЗС — не інструмэнт замежнай паліыкі, а мэнэджарская структура, задача якой — падтрымаць эканоміку ва ўмовах ізаляцыі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні выведкі Ўкраіны.
Украінскія выведнікі зьвярнулі ўвагу, што ў канцы ліпеня ў Менску упершыню з 2021 году адбылася нарада кіраўнікоў дыпляматычных місіящ Беларусі.
«Фармальная мэта — адаптацыя замежнай палітыкі да ўмоваў нестабільнасьці на міжнародных рынках. Фактычна — пошук шляхоў эканамічнага выжываньня пад санкцыйным ціскам», — мяркуюць у выведцы Ўкраіны.
Апроч таго, зьвярнулі ўвагу на працяг у 2025 годзе тэндэнцыі росту імпарту тавараў і паслуг пры нязначным росьце экспарту.
«Гандлёвае сальда пайшло ў мінус і ўжо перавысіла 770 мільёнаў даляраў, што амаль у чатыры разы больш, чым за аналягічны пэрыяд 2024 году. Ключавы цяжар — менавіта тавары. Іх экспарт зьменшыўся на 3,1%, тады як імпарт павялічыўся на 2%. Нават на галоўным рынку — расейскім — беларуская прамысловасьць трациць пазыцыі. Пастаўкі машынабудаўнічай прадукцыі ў РФ, уключна з трактарамі, камбайнамі і легкавымі аўто, зьнізілася на 320 мільёнаў толькі за пяць месяцаў», — адзначаецца ў паведамленьні.
Паводле ўкраінскіх выведнікаў, Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць дыпляматыю як інструмэнт замежнапалітычнага манэўру. «Менск спрабуе пераканаць Захад у правале санкцыйнай палітыкі і адначасова намякае на магчымасьць вызваленьня палітычных вязьняў у абмен на саступкі», — перакананыя ў Службе вонкавай выведкі Ўкраіны.
У паведамленьні адзначаецца, што нават шчыльныя сувязі з Крамлём не ратуюць эканамічную сытуацыю ад структурных дысбалянсаў: беларускія тавары выціскаюцца з ключавых рынкаў як у Эўразьвязе, так і ў Афрыцы й Азіі. «Прычына — другасныя санкцыі, якія закранулі гандаль угнаеньнямі, мэталам і стальлю», — мяркуюць украінскія выведнікі.
Форум