Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікраплястык у паветры: колькі мы ўдыхаем штодня


Блакітны кавалак мікраплястыку на пальцы дасьледчыка навакольнага асяродзьдзя з Вашынгтону. Ілюстрацыйнае фота: AP Photo
Блакітны кавалак мікраплястыку на пальцы дасьледчыка навакольнага асяродзьдзя з Вашынгтону. Ілюстрацыйнае фота: AP Photo

У Жэнэве пачаліся міжнародныя кансультацыі аб заключэньні юрыдычна абавязковага міжнароднага пагадненьня па барацьбе з забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя плястыкам. Калі не прыняць тэрміновых захадаў, то, паводле ААН, да 2060 году аб’ёмы плястыкавых адкідаў патрояцца.

Навукоўцы з Францыі падлічылі, колькі часьцінак мікраплястыку ў сярэднім удыхае чалавек за дзень. Вынікі апублікаваныя ў часопісе PLOS One

Што такое мікраплястык?

Гэта вельмі дробныя часьцінкі плястыку — ад 1 да 10 мікрамэтраў. Яны зьяўляюцца ў выніку распаду плястыкавых рэчаў, якія мы масава выкарыстоўваем з 1950-х гадоў. Гэтыя часьцінкі могуць быць рознай формы і хімічнага складу.

Дзе ён знаходзіцца?

Мікраплястык ёсьць паўсюль — у паветры ў кватэрах, офісах, машынах. Ён трапляе туды праз пыл, сынтэтычную вопратку, пакеты, пакрыцьці ды іншае.

Колькі мы ўдыхаем?

Дарослы чалавек — каля 68 000 часьцінак за дзень (гэта 25 мільёнаў за год)

Дзіця — каля 47 000 за дзень (17 мільёнаў за год)

Чым гэта небясьпечна?

Дробныя часьцінкі (меней за 10 мікрамэтраў) могуць трапляць глыбока ў лёгкія і выклікаць:

  • запаленьне тканак,
  • пашкоджаньне лёгкіх,
  • і, магчыма, іншыя захворваньні дыхальнай і стрававальнай сыстэмаў (калі мікраплястык трапляе ў страўнік праз дыханьне).


А што з экалёгіяй і мікраплястыкам у Беларусі?

Беларусь падпісала шэраг міжнародных экалягічных пагадненьняў, сярод якіх:

  • Кіёцкі пратакол у 2005 годзе (дадатак да Канвэнцыі ААН аб зьмяненьні клімату),
  • Парыскае пагадненьне (Беларусь далучылася ў 2016 годзе),
  • Орхуская канвэнцыя (пра доступ грамадзкасьці да інфармацыі па экалёгіі). Аднак, зь яе Беларусь выйшла ў ліпені 2022 году. Краіну крытыкавалі за недастатковае інфармаваньне аб будаўніцтве Беларускай АЭС, а ўлады Беларусі расцанілі гэта як «прадузятае і дыскрымінацыйнае стаўленьне і ціск на сувэрэнную дзяржаву».
  • Базэльская канвэнцыя (аб кантролі за трансгранічнымі перавозкамі небясьпечных адкідаў).


Беларусь ня мае асобнага закону аб мікраплястыку, аднак ад пачатку 2021 году ў грамадзкім харчаваньні забаранілі выкарыстоўваць і прадаваць аднаразовы плястыкавы посуд. Гаворка пра нажы, відэльцы, лыжкі, талеркі, кубкі, палачкі для разьмешваньня, трубачкі для напояў, прадметы для ўпакоўкі прадуктаў харчаваньня.

У асобных гарадах падтрымліваюцца ініцыятывы па сартаваньні сьмецьця і экалягічнай асьвеце.

У Беларусі плянуюць увесьці Экалягічны кодэкс, які вызначыць парадак ліквідацыі назапашанай шкоды навакольнаму асяродзьдзю. Аб гэтым 6 жніўня паведаміў прадстаўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Сьцяпан Дубніцкі.

Акрамя таго, у праекце Экалягічнага кодэксу вызначаныя асноўныя мэты кантролю ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя і пералік дзяржаўных органаў, якія яго праводзяць. Таксама ў праекце кодэксу ўстаноўлены парадак кампэнсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяродзьдзю.

Летась краіны ААН не змаглі дасягнуць пагадненьня аб скарачэньні вытворчасьці плястыку з прычыны пазыцыі краін-нафтаздабытчыц. Пра гэта паведамляла выданьне Politico. Па словах трох крыніц Politico, пагадненьне сарвала Саудаўская Арабія, якая каардынавала намаганьні краін-нафтаздабытчыц у адмове ад любых прапаноў аб скарачэньні плястыку. Вядома, што ў «плястыкавую кааліцыю» ўвайшлі таксама Іран і Расея, якія разам з партнэрамі зацягвалі перамовы. Саудаўскія і расейскія прадстаўнікі адмовіліся камэнтаваць выданьню сваю пазыцыю.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG