Адмысловы пасланец прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф правёў «вельмі прадуктыўную сустрэчу» з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Пра гэта ў Truth Social напісаў амэрыканскі лідэр Дональд Трамп.
«Быў дасягнуты значны прагрэс! Пасьля гэтага я паінфармаваў некаторых нашых эўрапейскіх саюзьнікаў. Усе згодныя з тым, што гэтай вайне павінен быць пакладзены канец, і мы будзем імкнуцца да гэтага ў бліжэйшыя дні і тыдні», — напісаў Трамп.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля перамоваў Уіткафа ў Маскве пагаварыў па тэлефоне з Дональдам Трампам.
«Наша агульная пазыцыя з партнэрамі абсалютна зразумелая: вайна павінна скончыцца. І гэта павінна быць сумленнае завяршэньне. Эўрапейскія лідэры таксама прынялі ўдзел у размове, і я ўдзячны кожнаму зь іх за іх падтрымку. Мы абмеркавалі тое, аб чым было абвешчана ў Маскве.
Украіна абавязкова будзе бараніць сваю незалежнасьць. Нам усім патрэбен працяглы і надзейны мір. Расея павінна спыніць вайну, якую сама ж і пачала. Дзякуй усім, хто падтрымлівае Украіну», — напісаў Зяленскі з тэлеграм-канале.
- Адмысловы пасланец прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф прыляцеў у Маскву раніцай 6 жніўня, дзе сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Ніякіх заяваў пасьля заканчэньня амаль трохгадзіннай сустрэчы не прагучала.
- Памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ушакоў заявіў, што ўдзельнікі сустрэчы абмяняліся «некаторымі сыгналамі».
- Візыт Уіткафа прайшоў напярэдадні заканчэньня тэрміну ўльтыматуму прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Трамп патрабуе ад Пуціна да 8 жніўня цалкам спыніць баявыя дзеяньні. У адваротным выпадку прэзыдэнт ЗША пагражае ўвесьці другасныя санкцыі: гандлёвыя партнэры Расеі, якія закупляюць у яе энэрганосьбіты, могуць сутыкнуцца з велізарным мытам на ўвоз сваіх тавараў у ЗША.
Форум