Вонкавая выведка Ўкраіны: Лукашэнка хоча адаптаваць замежную палітыку да нестабільнасьці на міжнародных рынках

Лягатып Службы вонкавай выведкі Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

У Службе вонкавай выведкі Ўкраіны мяркуюць, што найбліжэйшым часам у складзе Міністэрства замежных справаў Беларусі і, адпаведна, у кіраўніцтве дыпляматычных прадстаўніцтваў краіны адбудуцца ратацыі.

«У найбліжэйшай пэрспэктыве чакаецца замена часткі дыпляматаў на больш ляяльных і кіраваных асобаў. Гэта падкрэсьлівае: для Лукашэнкі МЗС — не інструмэнт замежнай паліыкі, а мэнэджарская структура, задача якой — падтрымаць эканоміку ва ўмовах ізаляцыі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні выведкі Ўкраіны.

Украінскія выведнікі зьвярнулі ўвагу, што ў канцы ліпеня ў Менску упершыню з 2021 году адбылася нарада кіраўнікоў дыпляматычных місіящ Беларусі.

«Фармальная мэта — адаптацыя замежнай палітыкі да ўмоваў нестабільнасьці на міжнародных рынках. Фактычна — пошук шляхоў эканамічнага выжываньня пад санкцыйным ціскам», — мяркуюць у выведцы Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыпляматыя па-лукашэнкаўску. Якія інструкцыі атрымалі паслы? Аналіз Валера Карбалевіча

Апроч таго, зьвярнулі ўвагу на працяг у 2025 годзе тэндэнцыі росту імпарту тавараў і паслуг пры нязначным росьце экспарту.

«Гандлёвае сальда пайшло ў мінус і ўжо перавысіла 770 мільёнаў даляраў, што амаль у чатыры разы больш, чым за аналягічны пэрыяд 2024 году. Ключавы цяжар — менавіта тавары. Іх экспарт зьменшыўся на 3,1%, тады як імпарт павялічыўся на 2%. Нават на галоўным рынку — расейскім — беларуская прамысловасьць трациць пазыцыі. Пастаўкі машынабудаўнічай прадукцыі ў РФ, уключна з трактарамі, камбайнамі і легкавымі аўто, зьнізілася на 320 мільёнаў толькі за пяць месяцаў», — адзначаецца ў паведамленьні.

Паводле ўкраінскіх выведнікаў, Лукашэнка працягвае выкарыстоўваць дыпляматыю як інструмэнт замежнапалітычнага манэўру. «Менск спрабуе пераканаць Захад у правале санкцыйнай палітыкі і адначасова намякае на магчымасьць вызваленьня палітычных вязьняў у абмен на саступкі», — перакананыя ў Службе вонкавай выведкі Ўкраіны.

У паведамленьні адзначаецца, што нават шчыльныя сувязі з Крамлём не ратуюць эканамічную сытуацыю ад структурных дысбалянсаў: беларускія тавары выціскаюцца з ключавых рынкаў як у Эўразьвязе, так і ў Афрыцы й Азіі. «Прычына — другасныя санкцыі, якія закранулі гандаль угнаеньнямі, мэталам і стальлю», — мяркуюць украінскія выведнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буданаў: Лукашэнка зараз ня згодны даць РФ калідор для наступу