6 жніўня мастаку Алесю Пушкіну споўнілася б 60 гадоў. Узгадваем самыя значныя ягоныя карціны, пэрформансы, выставы, зь якіх здымалі творы. А таксама сумны лёс царквы ў Бабры, якую расьпісаў мастак, і «Караля Ліра», да якога на сцэну прыляцеў гелікоптэр.
Алесь Пушкін быў адным зь яскравых беларускіх мастакоў і пэрформэраў, чалавекам-легендай. Ён прайшоў вайну ў Афганістане, яго судзілі прынамсі 13 разоў — за творчасьць, пэрформансы і пратэсты. За партрэт дзеяча антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, напісаны ў 2014 годзе, ў 2022-м на мастака завялі крымінальную справу, угледзеўшы ў гэтым творы «рэабілітацыю нацызму». Прысудзілі 5 гадоў строгага рэжыму. 11 ліпеня 2023 году 57-гадовы мастак памёр у горадзенскай турме.
Алесь Пушкін са сваёй працай, партрэтам Яўгена Жыхара
Карціна, намаляваная крывёю
Сам Алесь Пушкін напярэдадні свайго 50-годзьдзя вызначыў тры свае галоўныя працы: «Зь мінулага», «Эпітафія дзеду» і незавершаная «Карціна Свабоды».
У 1989 годзе студэнт 4 курсу тэатральна-мастацкага інстытуту Алесь Пушкін паказаў на вучэбнай выставе некалькі працаў, у тым ліку і карціну, у якой замест фарбаў ён выкарыстаў уласную кроў.
Палатно «Зь мінулага» выяўляе легенду аб паходжаньні бел-чырвона-белага сьцяга. Мастацтвазнаўца, куратар многіх выставаў Пушкіна Андрэй Дурэйка лічыць, што гэта вельмі простая і ясная праца, у якой шмат ўзроўняў дэкадаваньня.
Андрэй Дурэйка
«Аўтар узяў сваю кроў і рукой нанёс чырвоны штрых праз вэртыкальнае белае двухмэтровае палатно. Першае і зразумелае кожнаму беларусу прачытаньне нацыянальнага сымбалю, што паходзіць ад легенды пра параненага ваяра, які сваёй крывёй стварыў наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Але тут шмат асацыяцыяў: і зь венскім акцыянізмам, і з крывавымі містэрыямі Гэрмана Ніча, і з пытаньнем Джона Кейджа «Is it a flag, or is it a painting? — „Гэта сьцяг ці гэта карціна?“
І у гэтым — той традыцыйны, палітычны, нацыянальны Алесь Пушкін», — перакананы мастацтвазнаўца.
Алесь Пушкін са сваёй працай «Зь мінулага»
«Эпітафія дзеду»: натурморт з глыбокім сэнсам
Раньняя, таксама студэнцкая праца 1988 году выстаўлялася ў Нацыянальным мастацкім музэі. На першы погляд гэта натурморт: ссохлыя зёлкі, цыбуля, часнык... Далей — местачковы краявід. Трапна апісвае гэтую карціну мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:
«Людзі нясуць труну на капцы, а ваду дахаты, колюць дровы й кабана... Нейкая расьцярушаная птушка — паўгалка-паўварона, рыхтык як у Брэйгеля, ляціць скрозь чорныя каруны гальля...
Белае драпаваньне абруса, па-элеганцку скамечанае, сыходзіць зь першага пляну ў далягляд, распускаючыся ў сьнягох. Хата, дзе быў дзед, астывае. А там, там, у сінеючай імжы блізкае адлігі, туды, куды яго зьнесьлі, па-ранейшаму варушацца, жывуць людзі...
Карціна Алеся Пушкіна «Эпітафія дзеду»
Сьціплая каляровая гама (тры-чатыры колеры) пры бліжэйшым разглядзе аказваецца цэлым калейдаскопам паўтаноў ды адценьняў. Сама жывапісная тэхніка Пушкіна ў гэтым палатне цікавая: нешта працёрта, як у ляках, недзе прадрапана, нібы на гравюры, а недзе, нібы акварэльлю, пакладзены празрысты блік», — піша мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская дыяспара Баўгарыі прапанавала назваць імем Алеся Пушкіна алеюНазавершаная «Карціна Свабоды»
Алесь Пушкін працаваў над «Карцінай Свабоды» чвэрць стагодзьдзя. Але толькі раз на год, 25 Сакавіка. Мастак ладзіў пэрформанс на галоўным пляцы роднага мястэчка Бобр. Ставіў мальбэрт, іншыя свае творы, шыльду «Музэй». Да яго заўсёды падыходзілі мясцовыя міліцыянты, чыноўнікі, а ён працягваў пісаць карціну.
«Ахвяра, аголеная жанчына на пярэднім пляне — „голая свабода“, якую можна атаясамліваць зь Беларусьсю. Як і ўтаптанага ў зямлю бусьліка, якога дабіваюць мянтоўскімі дубінкамі на крывава-чырвоным фоне», — тлумачыць Андрэй Дурэйка.
У залежнасьці ад таго, якім быў мінулы год для Беларусі і для мастака асабіста, Алесь Пушкін дамалёўваў карціну змрочнымі або сьветлымі фарбамі. Пераважна яна шэра-карычневая.
«Дамінанта цемры ўзмацняецца вобразамі „замбакоў“ і пачвараў, якія паступова ператвараюцца ў носьбітаў гвалту, мілітарыстаў з выраззнымі чырвонымі кукардамі і зоркамі, не пакідаючы шанцаў інтэрпрэтацыі — гэта чырвоны тэрор.
Сьветлыя колеры дамінуюць у маляваньні твараў і дасягаюць найвышэйшай „беласьці“ ў выяве нацыянальнага сьцяга ўверсе карціны, які ператвараецца ў знак перамогі абсалютнага сьвятла», — перакананы Андрэй Дурэйка.
«Карціна Свабоды» Алеся Пушкіна, якая выстаўлена ў варшаўскім Цэнтры сучаснага мастацтва
У 2016 годзе Пушкін павёз гэтую карціну з Бабра ў польскі Познань на выставу «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін». «Карціна Свабоды» ў Беларусь так і не вярнулася. Алесь тады заявіў, што гэта можа адбыцца толькі пасьля зрынаньня рэжыму Лукашэнкі.
Пэрформансы, акцыі
«Для мяне найважнейшая яго акцыянісцкая дзейнасьць, мне здаецца, што менавіта ў гэтым ён адбыўся як прагрэсіўны, актуальны, крэатыўны мастак», — прызнаецца мастацтвазнаўца Андрэй Дурэйка.
«Досыць „сацыялістычнай“, адродзім Народную Беларусь»
25 сакавіка 1989 году для студэнцкага шэсьця ў Менску да ўгодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР Пушкін падрыхтаваў 12 плякатаў, вынес на ганак інстытуту бусла, зробленага з паперы, і 71 балёнік, што мела сымбалізаваць 71 год незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
На сябе Алесь павесіў два плякаты: «Грамадзянін. У гэты дзень 71 год назад была абвешчана БНР. Памятай і думай аб гэтым! Жыве незалежная Беларусь!» і плякат зь перакрэсьленым сьцягам БССР: «Досыць „сацыялістычнай“, адродзім Народную Беларусь».
Першае адзначэньне Дня Незалежнасьці ў 1989 годзе. Фота Алеся Пушкіна
Калёна зь некалькіх дзясяткаў чалавек здолела прайсьці некалькі дзясяткаў мэтраў — ад тэатральна-мастацкага інстытуту да Дому друку. На Пушкіна накінуліся сілавікі, паламалі плякаты, яго білі, схапілі за рукі-ногі і кінулі ў аўтобус.
За акцыю Пушкін атрымаў спачатку 5 дзён адміністрацыйнага арышту. Праз 3 месяцы яго судзілі паводле крымінальнага артыкулу.
«Я быў затрыманы і асуджаны на 2 гады ўмоўнага пазбаўленьня волі. Але быў такі дэмакратычны час, што я скончыў інстытут: адбываючы пакараньне, вучыўся на 4-м і 5-м курсах», — прыгадваў тыя падзеі сам Алесь Пушкін.
Яго ня выключылі з інстытуту, бо ён выдатна вучыўся і нават працягваў атрымліваць павышаную стыпэндыю.
Першае адзначэньне Дня Незалежнасьці ў 1989 годзе. Фота Алеся Пушкіна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 71 балёнік і белы бусел у небе. Як праходзіла першае вулічнае сьвяткаваньне 25 Сакавіка ў савецкі часАкцыя з тачкай гною
21 ліпеня 1999 года мастак Алесь Пушкін прывёз зь вёскі Бобр у сталіцу тачку з гноем і падарункамі Лукашэнку да 5-годзьдзя яго прэзыдэнцтва. Каля паўдня мікрааўтобус пад’ехаў да Купалаўскага тэатру. Выглядаў мастак стылёва і элегантна: у чорных нагавіцах і чорнай камізэльцы, у белай вышыванцы і белых красоўках.
У тачцы, акрамя гною, былі плякат «Аляксандар Лукашэнка з народам», купюра ў 1 тысячу дэнамінаваных рублёў, Канстытуцыя, кайданкі, вянок з валошак, герб, сьцяг, белыя пальчаткі, вілы.
Алесь Пушкін падчас пэрформанса
Гэтыя «падарункі» Пушкін пакаціў ад тэатру да галоўнага ўваходу ў будынак прэзыдэнцкай адміністрацыі. Там ішоў рамонт, таму асаблівай увагі на яго спачатку ніхто не зьвярнуў. А вось запрошаныя Пушкіным журналісты, фатографы, відэаапэратары ўсё здымалі. Разгублены міліцыянт спытаўся: «Што вы робіце?» Мастак з каменным выразам твару сувора адказаў: «Так трэба».
Калі да дзьвярэй рэзыдэнцыі заставалася мэтраў сем, Пушкіна ўсё ж спыніла ахова. Але ён пасьпеў вываліць зьмесьціва тачкі на плітку, паклаў зьверху плякат і працяў усё гэта віламі.
Пушкіна затрымалі. Калі міліцыянты папрасілі яго назваць сваё прозьвішча, мастак адказаў: «Імя маё невядомае, подзьвіг мой неўміручы».
Пасьля пэрформансу Алеся Пушкіна адпусьцілі з падпіскай аб нявыезьдзе. Праз тры месяцы адбыўся суд, які Пушкін ператварыў у своеасаблівы спэктакль. Урэшце судзьдзя Сяргей Хрыпач пакінуў Пушкіну толькі абвінавачаньне ў злосным хуліганстве, зьняўшы артыкул пра «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».
У выніку Алесь Пушкін атрымаў умоўны тэрмін — 2 гады пазбаўленьня волі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Алеся Пушкіна судзілі за тачку гною для Лукашэнкі. Знакамітаму пэрформансу спаўняецца 25 гадоўПраз 17 гадоў, у 2016 годзе, пасьля выставы «Zbor. Рух беларускага мастацтва», беларуская мытня сканфіскавала фатаграфію з той акцыі, якая дэманстравалася на выставе, яе суд прызнаў «экстрэмісцкім творам».
Алесь Пушкін з пэрформансам «Падарунак прэзыдэнту» на выставе беларускіх мастакоў «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасьць, супраціў» у Кіеве. 24 сакавіка 2021 году
«Крыж на жываце»
Апошняя акцыя пачалася ў найважнейшы для творчасьці Пушкіна дзень — Дзень Волі. У горадзенскай турме Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць свайго зьняволеньня і 5000 палітычных крымінальных справаў, заведзеных на іншых грамадзян.
Акцыя адбывалася ў Менскім гарадзкім судзе з 25 па 30 сакавіка 2022 году. Мастака абвінавацілі у «рэабілітацыі нацызму» і «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў» — за партрэт Яўгена Жыхара, створаны ў 2014-м.
Падчас судовага працэсу Пушкін быў апрануты ў працоўны камбінэзон з надпісам «Белрэстаўрацыя» і адмаўляўся ісьці — канваіры заносілі яго ў суд на руках, у клетцы ён ляжаў на лаўцы, закаваны ў кайданкі.
30 сакавіка падчас абвяшчэньня прысуду Пушкін разьдзеўся, каб быў відаць выразаны на целе крыж, і падзякаваў прысутным за ўдзел ў акцыі.
Суд быў закрытым, таму нам да сёньня невядомы тэкст апошняга слова Алеся (вядома толькі, што ён быў запісаны на 23 старонках).
Судзьдзя Алена Шылько вынесла мастаку прысуд — 5 гадоў калёніі строгага рэжыму, які ён ужо ніколі не адбудзе да канца...
Алесь Пушкін у судзе Цэнтральнага раёну Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве плянуюць правесьці выставу да 60-годзьдзя Алеся Пушкіна, зьбіраюць сродкі«Росьпісы царквы ў Бабры ператварылася ў акцыю і міт»
Пушкін — творца сакральнага мастацтва. Першы абраз Смаленскай Божай Маці — Адзігітрыі ён напісаў у 11-й клясе мастацкай школы імя Ахрэмчыка і ахвяраваў барысаўскай царкве. На трэцім курсе тэатральна-мастацкага інстытуту ён быў на адмысловай капіявальнай практыцы ў Пскове, у Вялікім Ноўгарадзе капіяваў фрэскі Знаменскага сабору, фрэскі Феафана Грэка ў Ільінскім храме, вывучаў розныя тэхнікі мазаік.
У 1992–1996 гадах Пушкін працаваў на рэстаўрацыі катэдральнага касьцёла сьвятога Станіслава ў Магілёве. Там ён напісаў абразы сьвятой Цэцыліі — патронкі касьцельнай музыкі і сьпеву, арханёла Міхаіла, фрэску з Антонам Падуанскім. Некаторыя фрэскі спачатку захіналі фіранкамі, а потым выдалілі — з палітычных прычын.
У 1995–1998 гадах Пушкін расьпісвае праваслаўную царкву сьвятога Мікалая Цудатворца ў сваім родным мястэчку Бобр. Эскізы былі ўхваленыя, задакумэнтаваныя пячаткамі і подпісамі дэкана барысаўскай акругі айца Яна Місеюка, казаў сам Алесь Пушкін.
Фрагмент працы Алеся Пушкіна ў царкве сьвятога Мікалая Цудатворца ў вёсцы Бобр
«На галоўнай фрэсцы — карціна Страшнага Суду, дзе я мэтафарычна адлюстраваў падзеі 1996 году, калі адзін чалавек згвалціў цэлую краіну... Бабулі, заходзячы ў царкву, кажуць:
«Саша, гэта ж, здаецца, Лукашэнка намаляваны ў сцэне Суднага Дня — з кулакамі як піўныя куфлі. І там побач зь ім, здаецца, нейкі сьвятар, вельмі падобны на нашага Ўладыку. А там яшчэ нехта...»
Я гавару: «Паслухайце! Гэта вы сказалі. Гэта вам гэтак здаецца. Я маляваў грэшнікаў, а калі яны вам некага нагадваюць... Я маляваў вобраз распусьніцы, вобраз цара, які гандлюе сваёй дзяржавай, я маляваў вобраз віжа, стукача, вобраз абжоры, руплівых служкаў, гатовых выканаць кожны загад гэтага ўладара. Я маляваў сьвятара, які хаваецца за крыжам, а сам ад імя Царквы гандлюе алькагольнымі напоямі і тытунём. А вам здаецца, што яны на некага падобныя. Вы ж гэта сказалі...» — апавядаў Пушкін у праграме Радыё Свабода «Сымбаль веры».
Царква ў Бабры дашчэнту згарэла ў ноч з 16 на 17 лютага 2011 году, прычыны пажару дагэтуль засакрэчаныя. Алесь Пушкін марыў расьпісаць і новы храм, які пачалі адбудоўваць.
Мастацтвазнаўца Андрэй Дурэйка мяркуе, што росьпіс гэтай царквы быў спробаю стварыць мэтафізычны, сакральны твор.
«Гэта была вельмі цікавая праца для тых часоў — спроба стварэньня саборнасьці, куды б увайшлі розныя элемэнты. Іншая рэч — ці гэта было спробай сучаснага мастацтва, ці традыцыяналісцкага. На жаль, спачатку замалявалі Лукашэнку, а потым наагул царкву спалілі.
У чым, як мне здаецца, сымбалічнасьць гэтай працы — калі чалавек стварае ў неадпаведныя часы нейкі ўнівэрсальны альбо абагульняльны твор, то калі часы жорсткія — гэта зьнікае. Так што і Пушкінавы росьпісы царквы ў Бабры ператварылася ў акцыю і міт», — кажа Андрэй Дурэйка.
Здыманьне карцін на выставах
«Мастак Алесь Пушкін — рэкардсмэн у колькасьці твораў, зьнятых з выставаў. Магчыма, ён падзяляе пальму першынства з Алесем Марачкіным, творы якога таксама часьцяком здымалі з выстаў», — мяркуе адзін з калегаў Пушкіна ў творчай суполцы «Пагоня», які прасіў ня ўзгадваць ягонага імя. (Творчая суполка «Пагоня» пры Беларускім саюзе мастакоў праіснавала з 1990 па 2023 год. — РС). Мастак узгадвае тры выпадкі забароны твораў Пушкіна.
Партрэты атаманаў і калябарацыяністаў
У 2002 годзе з выставы суполкі «Пагоня» былі зьнятыя некалькі палотнаў Алеся Пушкіна зь ягонай нізкі «Беларускі Рэзыстанс». Канцэптуальна гэтая сэрыя мусіла выглядаць як алюзія на колішнія партрэтныя галерэі піянэраў-герояў. Іронію Пушкіна не зразумелі.
Сам Алесь Пушкін у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, чые партрэты былі зьнятыя:
«Гэта Юрка Моніч, атаман, які змагаўся супраць савецкае ўлады ў 20-х гадах ХХ стагодзьдзя. Быў гэтакі слынны тут народны супраціўленец камуністам, што пра ягоную гучную справу — спыненьне цягніка на перагоне з Крупак да Бабра — нават пісалі ўсе эўрапейскія газэты. Другі партрэт быў Лукаша Семенюка, атамана, які камандаваў Грозаўскім палком на Случчыне. Быў партрэт Янкі Філістовіча, таксама быў партрэт Міхала Вітушкі, гэта, вядома, калябарацыяніст. І быў партрэт Усевалада Родзькі, бурмістра Віцебску, які таксама быў калябарацыяніст».
Партрэт Васіля Быкава зьнялі за анёлаў і АМАП на фоне
Партрэт Васіля Быкава, які намаляваў Алесь Пушкін
У 2005 годзе ў Віцебску плянавалася выстава «Доўгая дарога дадому», прысьвечаная народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву. Мясцовыя ўлады вырашылі зьняць з выставы партрэт Васіля Быкава, створаны Алесем Пушкіным.
Пад цэнзуру падпалі анёлы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і калёны АМАПу з дубінкамі, што заганяюць жывёлу на калгасную фэрму. Такі фон да партрэту Васіля Быкава стварыў Алесь Пушкін.
Хто даў загад зьняць карціну, невядома, а дырэктарка Цэнтру сучаснага мастацтва Валянціна Кірылава выказала такую думку: «Творчыя намаганьні Алеся Пушкіна маглі б быць больш выразнымі, і я лічу, што над гэтым творам ён папрацаваў недастаткова».
Даведаўшыся пра забарону, астатнія мастакі самі зьнялі свае працы — на знак салідарнасьці з Пушкіным. Выстава была сарваная.
Пад забаронай — салідарнасьць з Украінай
У 2015 годзе ў Палацы мастацтваў у Менску плянавалася выстава «Пагоня», прысьвечаная 25-годзьдзю мастацкай суполкі.
За дзень да адкрыцьця, калі экспазыцыя была цалкам гатовая, а карціны разьвешаныя, куратарам выставы патэлефанавалі зь Міністэрства культуры і загадалі зьняць карціну Алеся Пушкіна «Памяці беларусаў, загінулых за Ўкраіну», а таксама дзьве працы Аляксея Марачкіна — «Двубой, альбо супраціў дзьвюхгаловаму мутанту» і «Маці Божая Нябеснай Сотні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэнзура на выставе «Пагоні». Загадалі зьняць карціны Аляксея Марачкіна і Алеся ПушкінаМалавядомы Пушкін: «віцебскі пэрыяд»
Пасьля тэатральна-мастацкага інстытуту Пушкіна былі разьмеркавалі ў Віцебск. Там ён адкрыў першую ў Беларусі прыватную мастацкую галерэю, якая так і называлася: «У Пушкіна». Адкрыцьцё было прымеркаванае да Дня Волі.
«Ён цалкам зрабіў сваімі рукамі рамонт, дэкарацыі, вокны ў нэагатычным стылі. Адкрыцьцё адбывалася за некалькі хвілінаў да поўначы. Гэта была творчая лябараторыя для экспэрымэнтаў прадстаўнікоў сучаснага мастацтва. Пушкін туды прыцягваў нефармальную моладзь ня толькі зь Беларусі, а і з замежжа, з Расеі», — узгадвае мастак Эдвард Галустаў, які ў той час жыў у Віцебску.
За першыя два гады ў галерэі прайшло восем выставаў жывапісу, графікі, скульптуры, сучаснай фатаграфіі і плястычнага пэрформансу з ўдзелам маладых тады мастакоў, якія і цяпер застаюца важнымі постацямі ў беларускім мастацтве: Юрася Анушкі, Сергея Бабарыкі, Васі Васільева, Руслана Вашкевіча, Сяргея Грыневіча, Андрэя Задорына, Натальлі Залознай, Ігара Кашкурэвіча, Ігара Цішына, Вавэна Юрчанкі. Галерэя праіснавала да 1997 году.
Гелікоптэр на сцэне ў «Каралі Ліры»
Пушкін плённа працаваў і ў Віцебскім драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Мастак Эдвард Галустаў узгадвае, што Пушкіна пэрыядычна запрашалі працаваць у якасьці мастака сцэны і касьцюмаў.
У 1994 годзе ён удзельнічаў у пастаноўцы спэктаклю «Кароль Лір». Пушкіна вельмі ўразіла прачытаньне шэксьпіраўскага «Караля Ліра» рэжысэрам Валерам Масьлюком, і на сцэне зьявіўся гелікоптэр.
«Калі адбылася прэм’ера, гэта было сьвята. Я прыйшоў з малпай на плячы, Валер Васілевіч сустракаў нас на ўваходзе. Малпу я здаў у гардэроб», — узгадваў Пушкін
З рэжысэрам Антонам Грышкевічам Пушкін рабіў сцэнаграфію для спэктаклю «Крэслы» паводле Эжэна Ёнэско, для шэксьпіраўскага «Гамлета».
Пэрфоманс Алеся Пушкіна ў Віцебску, 1 красавіка 2019
Ці магчыма сабраць усе творы Алеся Пушкіна ў адно месца, стварыць музэй?
На думку мастацтвазнаўцы Андрэя Дурэйкі, пакуль стварыць музэй Пушкіна на радзіме немагчыма.
«Я думаю, што гэта небясьпечна, па-першае, для сям’і. Бо ніхто ня ведае, як будуць інтэрпрэтаваныя творы Пушкіна (пасьля таго, як яго пасадзілі за твор, якому было ўжо амаль 10 гадоў). Могуць інтэрпрэтаваць усё што заўгодна — каляровую гаму, бел-чырвона-белую стужачку ці іншы сымбаль... Так што ні выставы, ні музэю Пушкіна ў Беларусі пакуль ня можа быць.
Большасьць працаў мастака застаецца ў Беларусі, імі валодае сям’я, але яны не ў адным месцы, гэта я ведаю дакладна. Іх захоўваюць, зьбіраюць архіў, каб прынамсі акрэсьліць, што дзе знаходзіцца, бо частку працаў сам Алесь хаваў у розных людзей, у розных месцах», — кажа куратар многіх выставаў Алеся Пушкіна Андрэй Дурэйка.
Алесь Пушкін у залі суду
11 ліпеня 2023 году, пасьля васьмі месяцаў, праведзеных у крытай горадзенскай турме № 1, 57-гадовы Алесь Пушкін памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні. У дакумэнтах пазначана, што «прычына сьмерці невядомая». 13 ліпеня мастака пахавалі на яго радзіме ў мястэчку Бобр. Ад затрыманьня да сьмерці ў рэанімацыі ён пражыў 833 дні.
Акцыя памяці Алеся Пушкіна каля беларускай амбасады ў Вільні, Літва, 11 ліпеня 2023
Працы Пушкіна захоўваюцца ў Беларускім музэі ў Нью-Ёрку, Музэі сучаснага мастацтва ў Кальмары (Швэцыя), Музэі-збраёўні замку Ліў (Польшча), а таксама ў прыватных зборах у Беларусі, Польшчы, Латвіі, Літве, Нямеччыне, ЗША, Фінляндыі, Расеі, Францыі, Нарвэгіі, Швэцыі, Бэльгіі.
Алесь Пушкін: фрагмэнты жыцьця. Фотагалерэя