Цяпер самы раньні вядомы продак мастака — яго прапрапрадзед Аляксей Пушка, селянін мястэчка Бабра, уніят, які, заўдавеўшы, у красавіку 1821 г. пабраўся шлюбам з каталічкай Альжбетай Урублеўскай (прапрапрабабуляй мастака), таксама ўдавой і таксама з Бабра, піша Юры Снапкоўскі.
«Менавіта ў такой форме — Пушка — прозьвішча існавала першапачаткова, а ў форме „Пушкін“ замацавалася ўжо за прадзедам мастака (Дамэнтам). Гэта быў род прыгонных сялян, што пасьлядоўна належалі ўладальнікам маёнтку Бабра — Агінскім, Ваньковічам, Тышкевічам».
З шляхоцкім родам Пушкіных з суседняга Лепельскага павету, зацьверджаным Сэнатам у расейскім дваранстве, ён наўрад ці меў штосьці агульнае, акрамя аднолькавага прозьвішча, мяркуе спэцыяліст у генэалёгіі. «Як і продкі многіх сучасных беларусаў, продкі Алеся Пушкіна пасьля скасаваньня ўніяцкай царквы ў Беларусі (1839 г.) „аўтаматычна“ сталі праваслаўнымі, а пасьля скасаваньня прыгоннага права (1861 г.) — і вольнымі сялянамі».
Сам Алесь Пушкін пісаў, што прынамсі пяць пакаленьняў Пушкіных паходзяць зь мястэчка Бобр.
- Алесь Пушкін (6 жніўня 1965 – 11 ліпеня 2023) — беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, пэрформэр, арт-куратар, сябра Беларускага саюзу мастакоў, палітычны вязень. Вядомы многімі мастацкімі пэрформансамі, скіраванымі супраць уладаў Беларусі.
- 26 сакавіка 2021 году Генэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Алеся Пушкіна за тое, што на выставе ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця дэманстраваўся партрэт антысавецкага падпольніка Аўгена Жыхара аўтарства мастака. 30 сакавіка 2022 году Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі за «рэабілітацыю нацызму».
- Алесь Пушкін памёр у турэмным шпіталі ў ноч на 11 ліпеня 2023 году. Ягонае сэрца спынілася падчас апэрацыі. Пазьней стала вядома, што ў турме ў Пушкіна разьвіўся пэрытаніт. Незалежныя крыніцы ў СМІ адзначалі, што сьмерць наступіла празь неаказаньне мэдычнай дапамогі ў турме.