Як паведаміла выданьне «Флагшток», сілавікі прыехалі прыблізна апоўначы, каб правесьці эвакуацыю.
«Ці тое на правадах завіс дрон, ці то недзе заблытаўся. Не здэтанаваў. Вуліцу ачапілі, жыхароў вывелі за агароджу. Потым прыехалі сапёры і забралі яго. Зь людзей узялі расьпіскі, каб усе маўчалі», — паведаміла выданьне з спасылкай на сваіх суразмоўцаў.
Пакуль што ніводная афіцыйная структура не паведаміла аб гэтым інцыдэнце і яго наступствах.
У той жа час выданьне зьвярнула ўвагу, што ў тую ноч украінскія маніторынгавыя каналы не заўважылі залётаў расейскіх бесьпілётнікаў на тэрыторыю Гомельскай вобласьці, аднак зафіксавалі некалькі вылетаў дронаў з тэрыторыі Беларусі на Чарнігаўшчыну.
Апроч таго, у ноч на 4 жніўня характэрны гук «як у мапэда» чулі каля вёскі Грабаўка ў Гомельскім раёне.
Згодна зь інфармацыяй украінскага маніторынгавага каналу еРадар, траекторыя расейскіх дронаў у тую ноч была нехарактэрнай: яны фіксаваліся на вылеце з паветранай прасторы Беларусі ў кірунку Ўкраіны.
Уночы 29 ліпеня ў двары дому на вуліцы Матусевіча ў Менску ўпаў бесьпілётнік. Сьледчы камітэт (СК) заявіў, што ў дрона была баявая частка, запоўненая трацілам і вялікай колькасьцю паражальных элемэнтаў. На кадрах паказалі налепкі з надпісамі па-ўкраінску. Пры гэтым, інфармацыі аб тым, адкуль менавіта прыляцеў бесьпілётнік, не гучала.
Форум