«Сёньня ва ўрачыстай абстаноўцы мы сустрэлі першых прадстаўнікоў Узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі. У часе вучэньняў мы плянуем адпрацаваць новыя формы і спосабы выкарыстаньня падразьдзелаў вайсковых частак на аснове аналізу апошніх сучасных ваенных канфліктаў», — сказаў намесьнік камандуючага Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Павел Шабека.
Ён нагадаў, што такія вучэньні праводзяцца рэгулярна раз у два гады па чарзе ў Беларусі і Расеі.
Улады Беларусі заяўлялі, што вучэньні адбудуцца ў сярэдзіне верасьня.
Летась у кастрычніку міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін вучэньні «Захад-2025» назваў «галоўнай падзеяй», у манэўры плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.
Сёлета ў чэрвені Віктар Хрэнін паведаміў аб рашэньні зьнізіць колькасьць удзельнікаў беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025», а самыя вучэньні перанесьці ўглыб беларускай тэрыторыі. Але пазьней начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што папярэдняе рашэньне перасунуць раёны правядзеньня вучэньняў «Захад-2025» могуць перагледзець.
Праз гэтыя вучэньні памежныя зь Беларусьсю краіны узмацняюць ахову сваіх межаў і паветранай прасторы.
Форум