Трамп: падзеньне цэнаў нафты яшчэ на $10 прымусіць Расею спыніць вайну

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што далейшае зьніжэньне цэнаў на нафту можа прымусіць Расею спыніць вайну супраць Украіны.

«Калі цэны на энэрганосьбіты ўпадуць дастаткова моцна, Пуцін спыніць забіваць людзей. Калі энэрганосьбіты патаньнеюць яшчэ на 10 даляраў за барэль, у яго проста не застанецца выбару, таму што яго эканоміка ў жудасным стане», — сказаў Трамп у эфіры CNBC News.

У рамках энэргетычнага ціску на Маскву Трамп таксама паведаміў, што на працягу сутак значна павысіць пошліны для Індыі, бо краіна працягвае закупляць расейскую нафту і ўвядзе 35-працэнтныя пошліны для ЭЗ, калі Брусэль не выканае абавязацельствы па інвэстыцыях у амэрыканскую эканоміку.

5 жніўня кошт кастрычніцкіх ф’ючэрсаў на нафту Brent на лёнданскай біржы ICE апусьціўся ніжэй за 68 даляраў за барэль. Гэта мінімальны ўзровень за тыдзень. Падзеньне коштаў зьвязана з рашэньнем OPEC + павялічыць здабычу ў верасьні.

Апроч іншага 8 жніўня заканчваецца ўльтыматум Трампа, у якім ён запатрабаваў ад Расіі спыненьня агню. Прэзыдэнт ЗША раней папярэдзіў, што ў выпадку невыкананьня патрабаваньняў Вашынгтон увядзе супраць Масквы санкцыі.

Паводле інфармацыі Reuters, Уладзімір Пуцін, хоць і не адказвае наўпрост на патрабаваньні Трампа, усьведамляе рызыкі пагаршэньня адносін з Вашынгтонам, але лічыць ваенныя мэты прыярытэтнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дрон зь Беларусі, які ўпаў у Літве, нёс выбухоўку