У Беларусі пачалі вучэньні вайскова-паветраных сіл і войскаў СПА. Другі іх этап пройдзе ў Расеі

Беларускі падразьдзел на адкрыцьці вучэньняў «Захад», што праходзілі на расейскім палігоне ў Муліне Ніжагародзкай вобласьці ў верасьні 2021 году. Ілюстрацыйнае фота

Вучэньні будуць працягвацца да 30 жніўня.

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што апэратыўна-тактычныя вучэньні вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны, якія пачынаюцца 6 жніўня, будуць праходзіць у два этапы.

«На першым — злучэньні і вайсковыя часткі авіяцыі, зэнітных ракетных і радыётэхнічных войскаў адпрацуюць пытаньні супрацьпаветранага прыкрыцьця войскаў і ахоўваных аб’ектаў для адбіцьця ўдару сродкамі паветранага нападу праціўніка і ажыцьцяўленьня манэўру зэнітных ракетных падразьдзелаў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Другі этап адбудзецца на расейскім палігоне Ашулук (Астраханская вобласьць) — туды плянуюць перадысьлякаваць баявыя разьлікі зэнітных ракетных войскаў і авіяцыйны складнік.

«У часе вучэньняў апрабуюць новыя прыёмы і спосабы выкарыстаньня падразьдзелаў адпаведна патрабаваньням да вядзеньня баявых дзеяньняў у сучасных умовах», — паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.

Апроч таго, плянуюць практыкавацца ў пытаньнях «баявога выкарыстаньня новых і мадэрнізаваных узораў узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі ва ўмовах актыўных перашкодаў у часе барацьбы з высокадакладнымі сродкамі паражэньня і ўдарнымі бесьпілётнымі лётнымі апаратамі».

У Міністэрстве абароны Беларусі разьлічваюць, што вучэньні дазволяць павысіць узровень падрыхтоўкі камандзіраў і штабоў у кіраваньні злучэньнямі і вайсковымі часткамі падчас баявых дзеяньняў у адбіцьці паветраных удараў праціўніка і ацаніць здольнасьць і гатоўнасьць органаў вайсковага кіраваньня да выкананьня сваіх задачаў.

Падобныя вучэньні на тым жа палігоне ў Расеі праводзілі і летась.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як войны мяняюць глябальную авіяцыю. Дасьледаваньне Свабоды

Беларусь з канца 2024 году пэрыядычна накіроўвае свае вайсковыя падразьдзелы на навучаньне ў Расею, найчасьцей — танкавыя.

У гэты час актывізуецца выкарыстаньне бесьпілётнікаў у вайне Расеі супраць Украіны, адбываюцца інцыдэнты з залётам дронаў на беларускую тэрыторыю і адтуль — у краіны Балтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія танкісты накіраваліся на вучэньні ў Расею: будуць пераймаць досьвед баявых дзеяньняў ва Ўкраіне

У сьнежні 2024 году стала вядома, што Беларусь і Расея ствараюць тры навучальныя цэнтры для супольнага рыхтаваньня вайскоўцаў узброеных сілаў абедзьвюх краін. 333-і цэнтар баявой падрыхтоўкі знаходзіцца ў Муліне Ніжагародзкай вобласьці, на Гарахавецкім артылерыйскім навукова-выпрабавальным дасьледчым палігоне. Там рыхтуюць сухаземныя, паветрана-дэсантныя і берагавыя войскі ВМФ Заходняй вайсковай акругі Расеі. Гэты цэнтар вызначаны і для супольнага рыхтаваньня вайскоўцаў Беларусі і Расеі.

Сёлета ўвосень Беларусь і Расея плянуюць правесьці супольныя вучэньні «Захад-2025», якія назвалі галоўнай падзеяй у супольнай падрыхтоўцы органаў вайсковага кіраваньня і войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дрон зь Беларусі, які ўпаў у Літве, нёс выбухоўку