Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва заявіла аб патрэбе ў дадатковых сыстэмах абароны ад бесьпілётнікаў і зьвярнулася ў NATO па дапамогу


Верталёты Airbus H145 D3 Дзяржаўнай памежнай службы Літвы. Ілюстрацыйнае фота
Верталёты Airbus H145 D3 Дзяржаўнай памежнай службы Літвы. Ілюстрацыйнае фота

Міністры абароны і замежных справаў Літвы зьвярнуліся да хаўрусьнікаў у NATO з просьбай разьмясьціць на літоўскай тэрыторыі сыстэмы абароны ад бесьпілётнікаў пасьля выяўленьня выбухоўкі ў дроне, які заляцеў зь Беларусі.

«Мы будзем прасіць абмеркаваць магчымасьць разьмяшчэньня ў Літве пэўных дадатковых — няхай нават экспэрымэнтальных — тэхналёгіяў і выпрабаваць іх у рэальных зьменлівых умовах», — заявіла міністар абароны Літвы Давіле Шакалене, паведаміла выданьне LRT.

Паводле інфармацыі МЗС Літвы, адпаведны ліст міністры накіравалі новаму генэральнаму сакратару NATO Марку Рутэ.

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс у выніку папярэдняга расьсьледаваньня інцыдэнту з дронам паведаміў аб сытуацыі хаўрусьнікаў у NATO.

«Гэта пытаньне ня толькі бясьпекі Літвы, але і ўсёй паветранай прасторы NATO і Эўразьвязу», — адзначыў ён.

Кястуціс Будрыс падкрэсьліў, што Літва будзе супрацоўнічаць з хаўрусьнікамі як у распрацоўцы супольных тэхнічных рашэньняў, так і на дыпляматычным узроўні, каб узмацніць ціск на Расею — крыніцу падобных пагрозаў.

Што папярэднічала

  • 28 ліпеня раніцай у Літву заляцеў неапазнаны дрон зь Беларусі. Яго заўважылі над Вільняй.
  • Паліцыя разаслала жыхарам Вільні sms-папярэджаньні з парадай пры выяўленьні бесьпілётніка трымацца ад яго далей і паведаміць на нумар тэрміновых службаў 112.
  • Дрон змаглі знайсьці толькі на пяты дзень пасьля інцыдэнту. Ён быў на вайсковым палігоне ў Гайжунах, Ёнаўскі раён.
  • Праз інцыдэнт з дронам у Літве ўзмацнілі ахову неба. Таксама былі абвешчаныя пляны ўмацаваць мяжу і набыць новыя сродкі выяўленьня бесьпілётнікаў і барацьбы зь імі.
  • Бюро крымінальнай паліцыі Літвы расьсьледуе інцыдэнт як ваеннае злачынства.
  • 1 жніўня Міністэрства замежных справаў Літвы выклікала прадстаўніка амбасады Беларусі і ўручыла яму ноту, у якой выказала рашучы пратэст у сувязі з уварваньнем бесьпілётнага лётнага апарата зь Беларусі ў паветраную прастору Літвы.
  • Першы інцыдэнт зь бесьпілётнікам быў 10 ліпеня. Расейскі дрон «Гербера», які імітуе «Шахед», упаў у Літве за кілямэтар ад беларускай мяжы. Выбухоўкі ў ім не было.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG