На відэа паказана, як Ціханоўская знаходзіцца дома, на кухні, а начальнік ААЦ (дзяржаўны орган, фактычна спэцслужба) Андрэй Паўлючэнка, які вядзе здымкі схаванай камэрай і ня бачны з твару, тлумачыць, што гэта — «грошы, пра якія вы прасілі», і просіць схаваць іх, «каб ніхто ня бачыў». Ціханоўская забірае канвэрт і накрывае яго ручніком. У тым жа відэа згадваецца, што яна не хацела заставацца ў Беларусі, хоць ёй і прапаноўвалі, і хацела пабачыць дзяцей, якія былі за мяжой.
Пасьля гэтага яе разам зь сяброўкай адвозяць у бок мяжы, нібыта «дзеля бясьпекі». У сюжэце таксама паказваюцца кадры, як машына перасякае мяжу Беларусі ў цемры.
Лукашэнка пазьней сьцьвярджаў, што на дарогу Ціханоўскай далі 15 000 даляраў, узятых з дзяржпрадпрыемства, каб яна «магла жыць за мяжой». А таксама што беларускія структуры нібыта зьвярталіся да амбасады ў Літве, каб аказаць ёй дапамогу.
Камэнтар Ціханоўскай
«Люстэрка» папрасіла ў Сьвятланы Ціханоўскай пракамэнтаваць гэтае відэа. Яна сьцьвярджае, што толькі пасьля дэманстрацыі сюжэту наважылася адкрыць скрутак, які праляжаў у яе без малога пяць гадоў. У пакеце сапраўды было 15 тысяч эўра новымі купюрамі.
«Ніякіх грошай я не прасіла, мне проста засунулі гэты канвэрт. Такое адчуваньне, што некаторыя фразы Паўлючэнка спэцыяльна прагаворваў так, быццам я прасіла ў яго грошы. Дарэчы, калі я выходзіла з кватэры, то паспрабавала „забыцца“ гэты канвэрт, але ён нагадаў, каб я яго забрала. І на мяжы я зноў спрабавала яму іх вярнуць. Ім проста патрэбен быў нейкі кампрамат на мяне.
Я тады знаходзілася пад вялізным эмацыйным ціскам. Я не была да такога гатовая і ня ведала, як паводзіць сябе ў падобных сытуацыях. Аб гэтым злашчасным канвэрце я не расказвала, таму што мне было сорамна, што ён у мяне апынуўся. Я не хацела да яго нават дакранацца.
Але калі рэжым так турбуе лёс гэтых грошай, то давайце разам вырашым, куды пойдзе гэты „данат ад Лукашэнкі“. Беларускім добраахвотнікам? Сем’ям палітвязьняў? На культурныя праекты? І я ў чарговы раз заклікаю беларусаў: калі ў вас ёсьць магчымасьць, калі ласка, падтрымлівайце нашыя праекты і ініцыятывы».
- Ціханоўская ня раз расказвала, што яе прымусілі пакінуць краіну, а перад гэтым забралі на гутарку ў ЦВК, дзе, паводле яе, аказвалі псыхалягічны ціск і шантажавалі дзецьмі. У выніку яна запісала відэа з заклікам да спыненьня пратэстаў.
- У 2020-21 гадах у Беларусі супраць Ціханоўскай былі распачатыя крымінальныя справы, у тым ліку за дзяржаўную здраду з мэтай захопу ўлады. Завочна ёй прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня.
Форум