«Прыкметы ваеннай дзейнасьці, якая адбываецца вельмі блізка да гэтай буйной атамнай электрастанцыі, выклікаюць глыбокую заклапочанасьць. Як я неаднаразова казаў, максымальная ваенная стрыманасьць паблізу атамных электрастанцый неабходная для перадухіленьня рызыкі ядзернай аварыі», — сказаў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.
Гэты інцыдэнт адбыўся раніцай 6 жніўня, а апошні аналягічны — 2 жніўня.
Генэральны дырэктар МАГАТЭ таксама заявіў аб уразьлівасьці зьнешняга энэргазабесьпячэньня станцыі, бо апошнія тры месяцы яно залежыць толькі ад адной лініі электраперадач, якая знаходзіцца за межамі пляцоўкі Запароскай АЭС. Да вайны станцыя сілкавалася пры дапамозе дзесяці ліній электраперадач для ахалоджваньня рэактара і іншых важных функцый.
На мінулым тыдні супрацоўнікі МАГАТЭ агледзелі некаторыя гідратэхнічныя аб’екты, але ўсё яшчэ не атрымалі доступ да ізаляцыйнага шлюзу вадаёма-ахаладжальніка. Яны працягваюць адсочваць сытуацыю з ахаладжальнай вадой і яе выкарыстаньнем на ўсёй пляцоўцы.
На дзейных украінскіх атамных электрастанцыях (АЭС) — Хмяльніцкай, Ровенскай і Паўднёваўкраінскай — тры з дзевяці энэргаблокаў застаюцца спыненымі для перазарадкі і тэхнічнага абслугоўваньня.
Каманды МАГАТЭ на гэтых АЭС і Чарнобыльскай пляцоўцы паведамлялі, што чулі сыгналы трывогі паветранай трывогі амаль кожны дзень на працягу мінулага тыдня. На Хмяльніцкай АЭС камандзе давялося тройчы знаходзіцца ў сховішчы.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.
Тэрыторыя станцыі пэрыядычна трапляе пад абстрэлы, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.
У ліпені 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі.
Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.
Форум